І свет духоўнасці не гасне
04.09.2020 г.

У першыя вераснёўскія дні на ўсёй Беларусі ўсталёўваецца ўрачыста-ўзнёслая атмасфера. Пасля летняга канікулярнага зацішша наступае прыкметнае ажыўленне ў грамадстве. У гэты час па ўсёй рэспубліцы разгортваецца свята беларускага пісьменства. У выхаваўчых, навучальных і культурна-асветніцкіх установах ладзяцца разнастайныя мерапрыемствы, прысвечаныя  беларускай кнізе, роднай мове. Не з’яўляецца выключэннем і наша школа. 

Традыцыйна першы ў навучальным годзе  “беларускамоўны чацвер” прысвечаны Дню  беларускага пісьменства.  Сёлета ён пачаўся з прагляду кніжнай выставы, прысвечанай кнігадрукаванню мінулага і сучаснага часу.  Вучні 10-11 класаў падрыхтавалі прэзентацыі на тэму "Гісторыя кнігадрукавання".  Для вучняў 5-6 класаў былі арганізаваны гутаркі пра родны край, пра нацыянальную мову і культуру, пра слынных асобаў, чыя дзейнасць спрыяла развіццю і росквіту духоўнасці. Вучні 7-8 класаў прынялі ўдзел у гістарычнай гульні “Вандроўка па родным краі”.  Цікава прайшло для вучняў 9-ых класаў пазакласнае мерапрыемства ”Дарогі ведаў і духоўнасці”, падчас якога навучэнцы не толькі пазнаёміліся з гісторыяй кнігадрукавання, але і здзейснілі віртуальнае падарожжа па  беларускіх гарадах  - сталіцах свята, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання, актыўна паадказвалі на пытанні віктарыны “Сталіцы духоўнага шляху”.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Аўчыннікава Ларыса Валер’еўна




Последнее обновление ( 04.09.2020 г. )