На працягу тыдня з 5 па 8 снежня 2016 года ў нашай навучальнай установе праходзілі мерапрыемствы, прысвечаныя жыццю і творчасці Максіма Багдановіча. Разнастайныя па форме і змесце конкурсы, гульні, выставы, прэзентацыі не пакінулі абыякавымі ніводнага вучня школы.
Так, вучні 8-х класаў пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Ушаковай Т.А. падрыхтавалі вусны часопіс «Так ярка пражыць- лепшай долі няма на зямлі». Васьмікласснікі чыталі вершы паэта, расказвалі пра яго жыццё, рабілі прэзентацыі, а таксамамаглі ўявіць сябе ў якасці членаў аднаго з выдавецтваў: «Мастацкая літаратура», «Універсітэцкае», "Роднае слова","Каханне" і інш., выдаўшы напрыканцы мерапрыемства самаробленыя зборнікі найбольш палюбіўшыхся вершаў Максіма Багдановіча.

Вучнямі 5-11 класаў былі падрыхтаваны газеты для конкурсу газет, прысвечаных жыццю і творчасці Максіма Багдановіча. Творчыя работы былі яркія, інфарматыўныя, крэатыўныя. Кампетэнтнае журы (з ліку вучняў і настаўнікаў) вельмі ўважліва разгледзела кожную конкурсную работу і ўзнагародзіла пераможцаў дыпломамі.
Вельмі душэўна прайшоў конкурс чытальнікаў вершаў Максіма Багдановіча сярод вучняў 5-6 класаў, які падрыхтавала настаўніца беларускай мовы Аўчыннікава Ларыса Валер’еўна. Дзеці пранікнёна, з пяшчотай і любоўю ў голасе змаглі перадаць пачуцці, якія ў іх выклікаў той ці іншы паэтычны твор Максіма Багдановіча. Журы таксама выявіла пераможцаў і ўзнагародзіла іх дыпломамі.
Зацікавіла вучняў і падарожжа па жыццёвых і творчых шляхах Максіма Багдановіча, праведзенае настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Аўчыннікавай Л.В. Пяцікласнікі даведаліся аб усіх пуцявінах жыцця паэта, пазнаёмілся з сям’ёй М.Багдановіча, даведаліся аб паэце як аб чалавеку. Таксама на мерапрыемстве гучала шмат вершаў паэта, як у выкананні настаўніцы і вучняў, так і ў выкананні беларускіх артыстаў і спевакоў (была магчымасць праслухоўвання запісаў).
Такім чынам, ніхто са школьнікаў не застаўся ў баку пры правядзенні на гэтым тыдні мерапрыемтстваў, прысвечаных Максіму Багдановічу. Дзеці яшчэ раз пераканаліся ў тым, што Максім Багдановіч- сапраўдны сын Беларусі, яго творы жывуць і сёння.
|