У дзяржаўнай установе адукацыі «Яслі-сад № 79 г. Магілёва» з ранняга ўзросту знаёмяць выхаванцаў з беларускай нацыянальнай культурай.
Напярэдадні ва ўстанове дашкольнай адукацыі прайшло свята Масленіца. З самай раніцы дзяцей сустракалі прыбраныя скамарохі — арганізатары жартоўных спаборніцтваў і конкурсаў, гучала вясёлая музыка. Затым святочныя гульні перайшлі на вуліцу, дзе пачалася сапраўдная весялосць, якая суправаджалася заўзятымі скокамі, карагодамі, прыпеўкамі, народнымі песнямі, вясёлымі гульнямі, спаборніцтвамі.
На Масленіцу зазірнула прыгажуня Вясна, Сонейка, скамарохі і непаўторная Бабуля-Снегавуха. Кульмінацыяй свята стала «спальванне» саламянага чучала Масленіцы — сімвала адыходу зімы і набліжэння вясны. Не абышлося і без смачнейшых бліноў уласнага прагатавання, якімі напрыканцы весялосці паласаваліся ўсе, хто прысутнічаў на свяце. Акрамя таго, у межах правядзення конкурсу «Крылаты, калматы ды маслены!» педагогі таксама атрымалі магчымасць праявіць свае кулінарныя здольнасці і прадставіць увазе калег шэдэўры ўласнага прыгатавання. Скончылася мерапрыемства запрашэннем на чай.
Гэты цудоўны дзень прайшоў у атмасферы цеплыні і весялосці.
Вольга Міхневіч, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дзяржаўнай установы адукацыі «Яслі-сад№ 79 г. Магілёва»



|