60 майстроў народных рамёстваў і промыслаў Магілёўшчыны прадставілі свае работы на выставе-продажы “Горад майстроў” у рамках XXI Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар” у Віцебску. Трэць з іх працуюць у традыцыйных жанрах: салома- і лозапляценне, тэкстыльная лялька, кераміка, паведаміла карэспандэнту сайта вядучы рэдактар абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Вольга Семчанка.
Выстава-продаж, што праходзіла з 11 па 15 ліпеня, сабрала сотні ўмельцаў і мастакоў з усёй Беларусі. Сваю творчасць на ёй дэманстравалі майстры лозапляцення, ганчары, керамісты, кавалі, каруначніцы і іншыя рамеснікі. У рамках міжнароднага фестывалю праходзіла ІІ абласное свята-конкурс выцінанкі “Ажурныя” мары”, у якім прызавыя месцы занялі адразу дзве прадстаўніцы нашай вобласці – Наталля Бярнадская з Крычава (2-е месца ў намінацыі “аб’ёмная выцінанка”) і Наталля Гарбар з Бабруйска (3-е месца ў намінацыі “традыцыйны выраб”). Наталля Бярнадская дэманстравала на конкурсе як аб’ёмныя вырабы з паперы, у тым ліку цудоўных птушак, так і пласкасныя – паштоўкі, упрыгожаныя выцінанкай. А ў Наталлі Гарбар была свая “разынка” – вытанчаныя папяровыя сняжынкі. Дарэчы, удзел майстроў Магілёўскай вобласці ў “Горадзе майстроў” у рамках слыннага фестывалю ў Віцебску стаў традыцыйным. Штогод нашы таленавітыя землякі дэманструюць сваё мастацтва на гэтым творчым форуме, прывозяць дыпломы і іншыя ўзнагароды.
region.mogilev.by |