6 лiпеня 2012 года ў дзяржаўнай установе адукацыі «Яслі— сад № 98 г. Магілёва» адбылося фальклорнае свята «Купалле». Традыцыя правядзення беларускіх народных святаў у дашкольнай установе існуе даўно. На працягу многіх гадоў выхаванцы прымаюць удзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных Купаллю, Масленіцы і Калядам.
На святкаванні дзецi даведаліся, што Купалле — гэта свята, якое адзначаецца ў дні летняга сонцастаяння. Мэта свята: развіваць цікавасць дзяцей да старажытных беларускіх звычаяў; развіваць інтанацыйную выразнасць маўлення; выклікаць эмацыянальны водгук дзяцей; далучаць да абрадавай культуры краю; выхоўваць жаданне прымаць удзел у святкаванні каляндарнага свята Івана Купалы.
Да святкавання Івана Купалы ў дзіцячым садзе рыхтаваліся сур’ёзна. З дзецьмі праводзілася папярэдняя работа: іх знаёмілі з гісторыяй свята, з традыцыямі, якія яго суправаджаюць, развучваліся фальклорныя песні і танцы. Вынікам стала тэатралізаванае прадстаўленне, якое падрыхтавала музычны кіраўнік Н.І. Іванова. Прычым, дашкольнікі былі не толькі гледачамі, але і непасрэднымі удзельнікамі. Педагогі пастараліся перадаць атмасферу Купальскага свята: урачыстасць, атрыбутыка (сімволіка, святочнае ўбранне тэрыторыі, традыцыйныя героі), што садзейнічала эмацыянальнаму ўспрыманню свята, выклікала ў дзяцей незабыўныя ўражанні.
У госці да дзяцей у дзіцячы сад прыходзілі святкаваць Паулiнка, Кiкiмара балотная, Несцерка. Разам с дзецьмі яны гулялі, вадзілі карагоды, спявалі абрадавыя песні.
У завяршэнне свята Паулiнка i Несцерка разам з дзецьмi шукалi папараць — кветку.
Пасля захапляльнага свята дзеці разам з выхавальнікамі плялі вянкі, збіралі разнастайныя лекавыя травы на тэрыторыі дашкольнай установы, рабілі абярэгi i гербарый з сабраных трау.
Педагогі стварылі казачную атмасферу свята, выхаванцы атрымалі шмат добрых эмоцый і ўражанняў.


 |