У апошні зімовы дзень у дзяржаўную установу адукацыі “Сярэдняя школа №34 г. Магілёва” завіталі госці: галоўны спецыяліст Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі) Ірына Уладзіміраўна Булаўкіна (г.Мінск), рэктар установы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі” Міхаіл Міхайлавіч Жудро і начальнік аддзела адукацыі Магілёўскага раёна Наталля Уладзіміраўна Колас.
Іх зацікаўленасць – гэта праца беларускамоўных класаў у рускамоўнай школе. Два класы: 2”Г”і 4”Г” налічваюць 14 вучняў. Усе прадметы выкладаюцца толькі па-беларуску -- фізічная культура, музыка, замежная мова таксама на беларускай мове.
Госці наведадi памяшканнi беларускамоўных класаў, пазнаёміліся з працай настаўнікаў Вольгай Мікалаеўнай Штукаровай і Лідзіяй Пятроўнай Ціханоўскай, якія працуюць у гэтых класах. Адбыўся дыялог паміж настаўнікамі, гасцямі, кiраўнiцтвам школы – дырэктарам Ігарам Віктаравічам Якіменкам і яго намеснікам па вучэбнай рабоце – Марушэнка Святланай Іванаўнай. Былі агучаны напрамкі дзейнасці, вызначаны шляхі папулярызацыі беларускай мовы. Адзначана, што ў дзяржаўнай ўстанове адукацыі “Сярэдняя школа № 34 г. Магілёва” праводзіцца метадычная работа па фарміраванні грамадзянскасці і патрыятызму ў дзяцей і падлеткаў сродкамі беларускай мовы.
З падзякай і найлепшымі пажаданнямі да прысутных звярнулася Ірына Уладзіміраўна Булаўкіна. Яна адзначыла, што гэта ўжо не першая сустрэча, якая натхняе нас на папулярызацыю і пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы. На памяць аб сустрэчы былі прапанаваны невялікія, але цікавыя падарункі, зробленыя рукамі саміх маленькіх навучэнцаў беларускамоўных класаў.
Дырэктар
I.B.Якiменка


|