Администрация Октябрьского района г. Могилева

Версия для слабовидящих

Главная arrow Новости arrow Екатерина Музыченко: Я — заядлая патриотка...
Екатерина Музыченко: Я — заядлая патриотка... Печать E-mail
27.12.2021 г.

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Кацярына Музычэнка — жанчына валявая і прынцыповая. Сам лёс распарадзіўся так, каб яна стала галоўным ідэолагам вобласці. Але нават калі б яна працавала не ў дзяржапараце, а ў любым іншым месцы, усё роўна была б лідарам. Бо ў сваёй рабоце заўсёды прытрымліваецца цвёрдай грамадзянскай пазіцыі і валодае абвостраным пачуццём справядлівасці. Кажа, што самае горшае для чалавека — здрадзіць свайму народу і Айчыне. Асабіста яна гатова зрабіць усё для таго, каб дзяржава заставалася ў моцных і надзейных руках. У размове з карэспандэнтам «Звязды» Кацярына Музычэнка падзялілася прыватнымі эпізодамі са свайго жыцця і расказала, пра што марыць.

Сельскай працы не баюся, але ідэалогія — гэта маё

Кацярына Музычэнка ў органах дзяржаўнай улады працуе амаль чвэрць стагоддзя. Прызнаецца, што ўжо нават і не ўяўляе сябе на іншым месцы. Мала хто ведае, што быў перыяд, калі галоўны ідэолаг вобласці прымярала на сябе будучыню вучонага-агранома. Менавіта такая спецыяльнасць стаіць у яе дыпломе аб заканчэнні Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках.

— Гэта быў апошні выпуск з такой спецыяльнасцю на аддзяленні «Аграхімія і глебазнаўства», — успамінае яна. — У акадэмію паступіла пасля Дрыбінскай сярэдняй школы, якую скончыла з медалём. Меркавалася, што працаваць буду ў сельскай гаспадарцы. Але туды так і не трапіла. Хаця сельскай працы не баюся. У свой час даіла дзве каровы — бацькоў і сваёй свекрыві.

— Напэўна, бацькі працавалі ў сельскай гаспадарцы?

— Мае бацькі — сельская інтэлігенцыя, абодва медыкі. Маці родам з Екацерынбурга, а тата з вёскі Трылесіна Дрыбінскага раёна (тады ён быў Горацкі). Бацька скончыў Першы Ленінградскі медыцынскі інстытут імя Паўлава і быў накіраваны на Урал на Белаярскую атамную станцыю, дзе і сустрэў маю маці. Там яны ажаніліся і нарадзілі маіх брата і сястру. Яна пачала хварэць, і бацькам параілі змяніць клімат. Яны вырашылі ехаць у Дрыбін. Тата 18 гадоў быў галоўным урачом раённай бальніцы. Тут я і нарадзілася. Дарэчы, тата асабіста прымаў роды. Наогул ён прысутнічаў пры нараджэнні ўсіх сваіх дзяцей. Вельмі трапятліва адносіўся да нас.

Мой брат старэйшы за мяне на 20 гадоў, сястра — на 10. Я нарадзілася, калі бацькі былі ў дастаткова сталым узросце. Яны вельмі любілі адзін аднаго. Маці няма ўжо дзесяць гадоў, бацькі — тры. На жаль, нядаўна пайшоў з жыцця старэйшы брат. Засталіся мы з сястрой.

— А як вы трапілі на работу ў дзяржапарат?

— Так зоркі сышліся. Дрыбінскі раён унікальны тым, што ствараўся тройчы. Трэці раз — у канцы 80-х. На той момант у райвыканкам быў патрэбны вядучы спецыяліст жыллёва-камунальнага аддзела. Мне, як пачаткоўцу, прысвоілі самы ніжэйшы клас дзяржслужачага — дванаццаты. Зараз маю ўжо другі.

За амаль 25 гадоў работы ў дзяржапараце змяніла некалькі пасад. У Дрыбінскім райвыканкаме працавала галоўным спецыялістам па рабоце з насельніцтвам, пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС, потым — начальнікам аддзела па справах моладзі, затым узначаліла аддзел ідэалагічнай работы. За гэты перыяд паспела на год схадзіць у дэкрэтны адпачынак. Нарадзіла сына Мілана і праз год выйшла на работу. Час быў вельмі нестабільны, хацелася прыносіць карысць краіне, удзельнічаць у яе лёсе.

Я вельмі заўзятая патрыётка, змагар за справядлівасць. Таму знайшла для сына няню і з галавой паглыбілася ў работу. Наступнае прызначэнне было на пасаду намесніка старшыні Клімавіцкага раёна па сацыяльных пытаннях, там я адпрацавала пяць гадоў. Падчас работы скончыла Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце (кваліфікацыя «Кіраванне сацыяльнай сферай»). А ўжо з Клімавіч мяне накіравалі ў Магілёў начальнікам тады яшчэ галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама.

Кожны павінен вызначыцца, на чыім ён баку

— Наколькі важную ролю ў грамадстве іграе ідэалогія? Якая галоўная задача ідэолага ў рабоце з насельніцтвам?

— Я выхаваная так, што павінна дапамагаць іншым. Самая высокая адзнака — адзнака людзей. Чым ты ім дапамог, што для іх зрабіў. Ідэалогія гэта таксама дэкларуе. Лічу, што тая каманда, якую я ўзначальваю, моцная, у яе складзе выключна вопытныя людзі, за плячыма якіх шмат гадоў дзяржаўнай службы. Іншага ўжо сабе і не ўяўляем. Усе падзеі, якія адбываліся ў краіне, маральна даваліся цяжка. Ідэолагі, міліцыя, служба дзяржбяспекі праявілі сябе як адданыя радзіме і існуючай уладзе сілы. На жаль, пра ўсіх такога не скажаш. Але мы выстаялі і выстаім далей, краіну ніхто нікому не аддасць. І мы павінны разумець, што гэта атрымалася толькі дзякуючы нашаму Прэзідэнту. Калі б не яго характар і мудрасць, нас бы сцерлі з аблічча зямлі.

Не хочацца сыходзіць у палітычную тэму, шмат было сказана і напісана пра мінулы год, але як без гэтага. Магілёўская вобласць першая зрабіла вялікі мітынг у падтрымку свайго земляка. І ў Мінск паехалі з расцяжкай: «Гераічная Магілёўшчына — за бацьку-земляка». Успамінаю момант: калі мітынг скончыўся, нашы дэлегацыі ўжо раз'ехаліся, а мы, некалькі чалавек з аблвыканкама, са сваёй расцяжкай і ў адзенні з дзяржаўнай сімволікай трапілі ў самую гушчу апазіцыйна настроенага натоўпу. Насустрач ішлі людзі з бела-чырвонымі сцягамі, некаторыя ехалі нават на конях. Мы разумелі, што магло быць сутыкненне, але ніхто з нас не зняў чырвона-зялёную кепку, не згарнуў расцяжку. Пасля гэтага я пераканалася, што Магілёўская вобласць ніколі не скруціць расцяжку за бацьку-зямляка. Мы 26 гадоў жылі як за надзейнай сцяной пры нашым Прэзідэнце, не думалі пра палітыку, бо ў краіне быў дабрабыт і спакой. Нікога асабліва не цікавіла, што адбываецца ў свеце. І атрымалася, што вырасла палітычна не падрыхтаванае пакаленне.

У галаве не ўкладваецца, як гэта наша моладзь магла здрадзіць? Лічу, што тыя меры, якія прыняты па недапушчэнні знявагі існуючых сімвалаў дзяржаўнасці, правільныя. І сёння кожны павінен вызначыцца, на чыім ён баку. Мы разбіраемся, у чым прычына, якая сапраўдная пазіцыя ў чалавека, нельга ўсіх агулам пад адзін грэбень раўняць. Пра гэта кажа і наш Прэзідэнт. Работы шмат, хутка будзем абмяркоўваць праект Канстытуцыі, сустракацца з людзьмі, даваць магчымасць азнаёміцца з галоўным дакументам краіны кожнаму.

— Сёння ва ўладу прыходзяць маладыя людзі. Што трэба для таго, каб яны адчувалі адказнасць перад сваім народам?

— Работа дзяржаўная — вельмі сур'ёзная рэч. Зыходзячы са свайго 25-гадовага стажу, хачу адзначыць, што вельмі правільна не адразу назначаць на вялікія пасады і месцы, а даць магчымасць паступова прайсці ўсё прыступкі. Тады будзеш добра ведаць, чым жывуць людзі і чаго яны чакаюць.

— Напэўна, пры такой адказнай рабоце, як ваша, мала застаецца часу на сябе і сям'ю. Дачка і сын не скардзяцца на недахоп увагі?

— Работа — стыль майго жыцця, яна сапраўды патрабуе шмат сіл, увагі і часу. Сям'я, на жаль, ад гэтага церпяць. І дзеці мне пра гэта пастаянна нагадваюць. Маўляў, не хапае ім мяне. І ёсць адчуванне, што я ім нешта недадала.

Дачка ўжо самастойная, нядаўна выйшла замуж за свайго сябра з Клімавіч, жывуць у Мінску. Ён — афіцэр атрада спецпрызначэння МНС «Зубр», а яна — музыкант. Сыну яшчэ 13 гадоў. Ён вучыцца ў сёмым класе, займаецца каратэ, захапляецца футболам, камп'ютарнымі гульнямі. Вельмі актыўны, пазітыўны і паглыблены ў ідэалогію беларускай дзяржавы. Жывучы з такой маці, па-іншаму і не магло быць. Калі рыхтуецца да інфармацыйнага часу, просіць дапамогі. Сам прыдумвае тэмы. У інтэрнэце шмат рознага, але ён навучыўся фільтраваць кантэнт. Калі яго нешта чапляе, вывучае некалькі крыніц.

У нас наогул усе ў сям'і прасякнутыя ідэалогіяй: і сын, і дачка, і сястра, і астатнія сваякі. Сястра для мяне — наогул вялікі аўтарытэт. Пасля таго, як сышлі з жыцця мае бацькі і брат, яна мне і сястра, і маці, і сяброўка. Мы не можам адна без адной, у нас вельмі трывалая сувязь.

Лепей лякарства, чым бацькоўскі дом, няма

— А з малой радзімай засталіся якія-небудзь сувязі?

— З Дрыбінскім раёнам сувязь не перарываецца, там засталася бацькоўская хата. І яна не прадаецца. Прыязджаем туды з сястрой на выхадныя, а летам саджаем агарод. Гэта наша аддушына, там нават лягчэй дыхаецца. Работа напружаная, грамадска-палітычная сітуацыя ў краіне складаная, у сям'і бываюць вострыя моманты, і лепей лякарства, чым бацькоўскі дом, няма.

Зрабілі там рамонт і вырашылі з сястрой жыць у гэтым доме на пенсіі. Там усе свае. І жыхары ветлівыя. Наогул, Магілёўскай вобласці пашчасціла з добрымі людзьмі.

— Ці застаецца пасля работы час для сябе? Чаму яго прысвячаеце?

— Вельмі люблю займацца дызайнерскімі рэчамі. Пачала рабіць вяночкі да Новага года. Вельмі падабаецца сам працэс, і лічу, што ў мяне нядрэнна атрымліваецца. Люблю, каб у доме было ўтульна і прыгожа. Акрамя гэтага, у мяне ёсць невялічкі гародзік. Сёлета на ім сабрала вялікі ўраджай таматаў. Сама праполваю, паліваю, раблю закруткі на зіму. У мяне ёсць вялікая кніга яшчэ з матулінымі рэцэптамі, дапісваю туды свае і сястры, потым перадам дачцэ.

Наогул, я вельмі творчы чалавек. Крыху іграю на піяніна, крыху малюю, спяваю, танцую — усяго пакрысе. Нас бацькі выхоўвалі ўсебакова развітымі. Наша маці грала на гітары, баяне, гармоніку, фартэпіяна, не маючы музычнай адукацыі. Мая сястра піша карціны, вельмі цікавыя. У бацькоўскім доме ў яе ёсць асабістая майстэрня.

— Шмат хто не можа ўявіць сабе адпачынак без мора, сонейка, падарожжаў. А для вас які адпачынак лепшы?

— Адпачываць люблю дома. Лепш адпачынку, чым у Беларусі, няма нідзе. У нас ўнікальныя мясціны. Зараз у школах рэалізоўваецца праект «Мая зямля — Прыдняпроўе». Ведаеце, для чаго ён? Мы дажыліся да таго, што не ведаем, хто нашы суседзі, якія ў нас ёсць помнікі, каму яны прысвечаны, у гонар каго названы вуліцы, якія ў нас прадпрыемствы, героі. Мэта праекта — вывучэнне роднага краю.

— Якія людзі з'яўляюцца для вас прыкладам для пераймання? Чаму вы ў іх вучыцеся?

— Мне заўсёды шчасціла з кіраўнікамі. Гэта мае настаўнікі. Былыя старшыні Дрыбінскага і Клімавіцкага раёнаў у перыяд маёй работы Віктар Гушча і Васілій Захарэнка, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, першы намеснік міністра інфармацыі Андрэй Кунцэвіч, былы памочнік Прэзідэнта, галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў, былы старшыня Магілёўскага аблвыканкама, а цяпер намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Леанід Заяц. Гэта тыя людзі, у якіх я шмат чаму вучуся. Ва ўсіх іх моцная любоў да Магілёўшчыны. Усе яны вельмі інтэлігентныя, правільна выхаваныя.

А як жа без «аліўе»?

— Наперадзе навагоднія святы. Якія б падзеі ні адбываліся, наколькі б цяжкім ні было становішча, але Новы год прыходзіць. А з ім — новыя надзеі, адчуванні, змены. Як збіраецеся сустракаць Новы год і што чакаеце ад яго?

— У дзяцінстве ў нас заўсёды была традыцыя ўсёй сям'ёй ехаць у лес, выбіраць ёлку. Прывозілі, ставілі, упрыгожвалі. Дагэтуль і для мяне, і для дзяцей упрыгожыць ёлку — падзея. Звычайна робім гэта ў 20-х чыслах снежня, але сёлета паставілі загадзя. Купілі штучную вышынёй 2,5 метра, для паху паставім яловыя галінкі. Робім вяночкі, гірлянды, уключаем ілюмінацыю ва ўсім доме. Ад бацькоў засталася скрыня з навагоднімі цацкамі савецкага перыяду — шклянымі зорачкамі, зайчыкамі, гадзіннікам. Вешаем іх на самае пачэснае месца.

Нядаўна ў інтэрнэце трапіла на вочы выказванне наконт таго, што пачаўся пераднавагодні абмен шэдэўральнымі рэцэптамі салатаў, але 31 снежня мы ўсе нарэжам «Аліўе». І гэта так. Без традыцыйнага «Аліўе» адназначна справа не абыдзецца. Мандарыны, шампанскае, «Аліўе», мяса запечанае, торт — усё гэта абавязкова будзе на нашым сямейным святочным стале.

Апошнія два гады былі вельмі цяжкія для краіны. Спадзяюся, што наступны год будзе лепшы, гляджу ў яго з надзеяй. Кожны дарослы ў душы дзіця, мы ўсе верым у цуды, хаця не кожны пра гэта кажа. Спрадвеку загадваем жаданні і спадзяёмся на паспяховае шчаснае жыццё. І сваё, і родных, і краіны. Калі краіне будзе кепска, усім нам адназначна будзе дрэнна.

Могилёвский областной исполнительный комитет

Последнее обновление ( 27.12.2021 г. )
 
« Пред.   След. »

Сайт Президента Республики Беларусь Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь Национальный центр правовой информации Единый портал электронных услуг МНИС Могилевский межрайонный отдел Государственного комитета судебных экспертиз Республики Беларусь Единый государственный регистр Могилевский городской исполнительный комитет Могилёвский областной исполнительный комитет

© 2012-2024 Администрация Октябрьского района г. Могилева.
Разработка и поддержка: Государственное предприятие «МОЦИС», г. Могилев